БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1990-х г.,
палітыка-этнаграфічны канфлікт у Босніі і Герцагавіне, які ўзнік на пачатку 1990-х г. ва ўмовах распаду Югаславіі (СФРЮ) на самаст. краіны. Мясц. паліт. эліта, абапіраючыся на Сербію і Харватыю, у сваіх сепаратысцкіх інтарэсах выкарыстала спецыфіку Босніі і Герцагавіны — падзел яе насельніцтва па нац.-канфесійным прынцыпе на правасл. (сербы — 37%), католікаў (харваты — 20%) і мусульман (наз. сябе асобнай этн. супольнасцю — мусліманамі — 40%). У ліст. 1990 у выніку першых шматпартыйных выбараў у Босніі і Герцагавіне да ўлады прыйшлі партыі, якія прадстаўлялі асн. нац.-рэліг. групы насельніцтва: мусульманская Партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Большасць у парламенце атрымала Партыя дэмакр. дзеяння, яе кіраўнік А.Ізетбегавіч стаў старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны. Пачала праводзіцца лінія на стварэнне адзінай дзяржавы ісламскай арыентацыі. Паліт. проціборства бакоў адносна нац. тэр. ўладкавання краіны пасля абвяшчэння суверэнітэту Босніі і Герцагавіны (кастр. 1991), правядзення рэферэндуму па пытаннях незалежнасці (сак. 1992, сербы яго байкатавалі) і прызнання міжнар. супольнасцю незалежнасці Босніі і Герцагавіны (крас.—май 1992) прывяло да стварэння сербамі сваёй рэспублікі з парламентам і прэзідэнтам. Харваты таксама аформіліся як адасобленая этн. група са сваім паліт. Кіраўніцтвам. Паліт. рознагалоссі выліліся ва ўзбр. сутычкі вайск. фарміраванняў этн. абшчын, якія перараслі ў грамадз. вайну. Міжнар. супольніцтва віну за эскалацыю насілля ўсклала на сербскі бок. Сербія была абвінавачана ў падтрымцы сепаратысцкіх дамаганняў баснійскіх сербаў і агрэсіі супраць Босніі і Герацагавіны. Савет Бяспекі ААН увёў супраць новай Югаславіі (Сербія і Чарнагорыя) эканам. санкцыі (зняты ў снеж. 1995). Баявыя дзеянні, у якіх прымалі ўдзел і наёмнікі, вяліся пераважна паміж сербамі і мусульманамі, мусульманамі і харватамі. Пазней аформіўся мусульм.-харвацкі альянс супраць сербаў. Этн. чысткі, дзесяткі тысяч забітых, каля 3мільёнаў бежанцаў, масавыя парушэнні правоў чалавека, разбураныя гарады (у тым ліку Сараева) — такі вынік грамадз. вайны. На паглыбленне Баснійскага крызісу ўплывала і сутыкненне ў гэтым рэгіёне інтарэсаў Сербіі і Харватыі, а таксама вял. дзяржаў. Міжнар. дыпламат. намаганні і перагаворы аб урэгуляванні Баснійскага крызісу доўгі час не мелі поспеху. Пры садзейнічанні ЗША у вер. 1995 паміж варагуючымі бакамі дасягнута пагадненне пра спыненне агню. У ліст. 1995 у г. Дэйтан (ЗША) прайшлі перагаворы прэзідэнтаў Босніі і Герцагавіны (Ізетбегавіч), Сербіі (С.Мілошавіч) і Харватыі (Ф.Туджман). На аснове дэйтанаўскіх дамоўленасцяў у снеж. 1995 прайшлі перагаворы у Парыжы, у выніку якіх прадугледжана захаванне адзінай і суверэннай дзяржавы Боснія і Герцагавіна з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (51% тэрыторыі) і Сербскай Рэспублікі Боснія. Раўнапраўе 3 народаў краіны забяспечваецца прапарцыянальным іх прадстаўніцтвам у вышэйшых органах улады. Мерапрыемствы па мірным урэгуляванні Баснійскага крызісу маюць ваенны і грамадз. аспекты: ваенны прадугледжвае раз’яднанне варагуючых бакоў, забеспячэнне перамір’я, кантроль над узроўнем узбраення, садзейнічанне Міжнар. трыбуналу па ваен. злачынствах у пошуку і прыцягненні да суда ваен. злачынцаў; грамадз. блок мераў — правядзенне выбараў, фарміраванне мясц. органаў улады, забеспячэнне правоў чалавека і нац. меншасцяў, вырашэнне праблем бежанцаў, аднаўленне эканомікі і інш. Для кантролю за выкананнем дамоўленасцяў у зону канфлікту, якая падзелена на сектары, уведзены міжнар. міратворчыя сілы, у складзе якіх вайск. кантынгенты з 33 краін, у тым ліку ЗША, Англіі, Францыі, Германіі, Расіі.
М.С.Даўгяла.
т. 2, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)